18:56 Tut.by раздаў узнагароды лепшым сайтам

Сёння ў канцэртнай зале “Мінск” адбылося ўзнагароджванне найлепшых беларускіх кантэyт-праектаў. Такі конкурс ужо пяты раз праводзіцца пад эгідай інтэрнет-рэсурса TUT.BY. На сёння ў Беларусі зарэгістравана больш за 20 000 інтэрнет-старонак і іх колькасць павялічваецца з кожным днём. Паводле падлікаў сацыёлагаў, інтэрнетам у Беларусі стала карыстаецца 25?32% насельніцтва. 35% - у горадзе і 15% - у вёсцы.

Найбольш карыстальнікаў сусветнай павуціны ў сталіцы, Мінскай і Гродзенскай абласцях. Заснавальнік TUT.BY Юры Зісер адзначыў, што адной з мэтаў гэтага праекта з’яўляецца прывучванне беларускіх карыстальнікаў інтэрнету штодня заходзіць менавіта на беларускія, а не расійскія ці заходнія сайты.

4 красавіка падводзіліся вынікі конкурса яшчэ з той прычыны, што ў гэты дзень адзначаецца Дзень Святога Ісідора Севільскага, заступніка інтэрнета. У 1999 г. Папа Ян Павал ІІ санкцыянаваў 4 красавіка як Сусветны дзень інтэрнета.

Узнагароды былі раздадзены ў дзесяці намінацыях. У намінацыі “Мая Беларусь” перамогу атрымаў афіцыйны сайт на англійскай мове Belarus.by. У “культуры” першае месца ўзяў сайт пра беларускую электронную музыку “Электрасфера”, другое месца - сайт Сяргея Балахонава “Тэзей беларускага постмадэрнізму”.

У намінацыях “навука”, “адпачынак”, “спорт” перамаглі адпаведна сайты “Расліны Беларусі”, relax.by і інфармацыйны партал пра беларускі баскетбол. Найлепшым у намінацыі “Грамадства, сям’я, рэлігія” вызначаны сайт “Царква”. Першым сярод карпаратыўных кантэнтаў прызнаны сайт Гідраметэацэнтра pogoda.by.

А агульнае гран-пры нечакана атрымаў сайт бабруйскай гімназіі №1, гэты ж сайт перамог у намінацыі “Адукацыя”. Усе пераможцы конкурсу ў выглядзе ўзнагароды атрымалі тры гады бясплатнага хостынгу, а таксама мільён банерных паказаў на сайце TUT.BY, паведамляе “Наша ніва”.