200 дамоў у Мінску былі без святла

У выніку аварыі на лініях электраперадачаў чатыры раёны Мінску - Цэнтральны, Савецкі, Партызанскі і Першамайскі (агулам 203 дамы) - больш за гадзіну заставаліся без святла. Прычынай надзвычайнай сітуацыі сталі работы, якія на вуліцы Карвата праводзілі працаўнікі ўнітарнага прадпрыемства «Мінская лесапаркавая гаспадарка».
Як наступства аварыі, спатрэбіўся рамонт на падстанцыях «Дражня» і «Падлесная». Спыняўся рух транспарту на ўчастку ад вуліцы Змітрака Бядулі да вуліцы Казлова. Замест тралейбусаў і трамваяў пачалі курсіраваць дадатковыя шэсць аўтобусаў.

Паводле звестак Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, пацярпелых у выніку аварыі не было, паведамляе БелаПАН.

Нагадаем, што падобная аварыя здаралася ў беларускай сталіцы 31 сакавіка. Тады лесасекі незаконна рубілі лес і дрэва ўпала на лінію электраперадачаў.

Палова горада была паралізаваная, святла не было ў Першамайскім, Партызанскім і Савецкім раёнах. Для ліквідацыі наступстваў аварыі спатрэбіліся 5 гадзінаў. А 24 траўня без святла на дзве гадзіны засталіся жыхары Уручча і Серабранкі.