20th Century Fox абвінавацілі ў плагіяце

Кітайскі пісменнік Лі Цзяньмінь падаў пазоў на адну з буйнейшых амерыканскіх кінакампаній 20th Century Fox. Ён абвінавачвае кампанію ў крадяжы інтэлектуальнай уласнасці. А дакладней Цзяньмінь упэўнены, што фільм “Паслязаўтра” (The day after tomorrow), які зняў рэжысёр Роланд Эмерых у 2004 годзе на замову 20th Century Fox, заснаваны на канцэпцыі дзвюх п’ес, якія напісаў Цзяньмінь у 2001 і 2002. Па словах пісменніка, 308 сцэн з галівудскага блокбастэра цалкам паўтараюць яго кнігі.

Дадам, што акрамя 20th Century Fox, адказчыкам па справе выступае рэжысёр стужкі і пяць кітайскіх кампаній, якія займаліся дыстрыб’юцыяй фільма ў КНР. Пазоў падалі пад час, калі амерыканскія ўлады накіравалі пратэст у штаб-кватэру Сусветнай Гандлёвай Арганізацыі супраць парушэння інтэлектуальных правоў амерыканскіх кампаній у Кітаі.

У пачатку гэтага тыдня гандлёвы прадстаўнік ЗША С’юзэн Шваб заявіла ў Вашынгтоне, што амерыканскія кампаніі працягваюць губляць штогод мільярды долараў з-за вялізных масштабаў пірацтва ў Кітаі. У сваю чаргу прадстаўнікі кітайскіх уладаў асудзілі Вашынгтон, і заявілі, што той "толькі перашкаджае ўзаемадзеянню паміж Кітаем і ЗША ў гэтай сферы".

Нагадаю, што фільм-катастрофа “Паслязаўтра” ў сусветных касах сабраў 356 мільёнаў долараў. А Брытанская акадэмія кіно і тэлебачання ў 2005 годзе прысудзіла гэтаму фільму ўзнагароду за лепшыя спец-эфекты.

Фота eequalsmcsquare.com