21 год таму адбылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС

Дваццаць адзін год таму адбылася аварыя на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі - найбуйнейшая тэхнагенная катастрофа ў гісторыі чалавецтва. 26 красавіка 1986 года ў 1 гадзіну 23 хвіліны на чацвёртым энергаблоку Чарнобыльскай АЭС, што размешчана побач з горадам Прыпяць Кіеўскай вобласці, адбыўся выбух.
Ён зрушыў верхнія блокі атамнага рэактара, адбылася яго разгерметызацыя, былі разбураны трубы высокага ціску, разгрузачны бок ядзернага апарата, адсек падсілкавання і іншае. Затым адбыўся яшчэ адзін выбух, у выніку чаго разбурыўся дах рэактарнага аддзялення. Дах машыннай залы быў прабіты жалезабетоннымі абломкамі, і тут жа адбыўся пажар.

 У атмасферу было выкінута радыеактыўных рэчываў у 300 разоў больш, чым пасля атамнай бамбардзіроўкі японскага горада Хірасіма. Больш за 70% радыенуклідаў асела на тэрыторыі Беларусі. Чарнобыльская катастрофа аказала ўплыў на ўсе сферы жыццядзейнасці чалавека - вытворчасць, культуру, навуку і эканоміку.

Ад наступстваў катастрофы пацярпелі прыблізна 2 мільёны жыхароў Беларусі, у тым ліку больш за 500 тысяч дзяцей. З сельскагаспадарчага абароту выведзена 2 мільёны 64 тысячы квадратных кіламетраў сельгасугоддзяў, ліквідаваны 54 калгасы і саўгасы, закрыта дзевяць заводаў перапрацоўчай галіны АПК.

Значна зменшаны памеры карыстання ляснымі, мінеральна-сыравіннымі і іншымі рэсурсамі. Радыеактыўнаму забруджанню падвергліся тэрыторыі, дзе цяпер пражываюць больш за 1,8 мільёнаў чалавек, размешчана прыблізна 340 прамысловых прадпрыемстваў, прыкладна 25% ляснога фонду краіны і 132 радовішчы мінеральна-сыравінных рэсурсаў розных відаў.

Тэрыторыя Беларусі на шмат стагоддзяў стала зонай экалагічнага бедства. Сёння вечарам у Мінску прадстаўнікі дэмакратычных сіл плануюць правесці традыцыйную акцыю "Чарнобыльскі шлях".

Уладыка Філарэт правядзе памінальную ліцію ў памяць аб ахвярах аварыі на ЧАЭС, а прадстаўнікі гарвыканкама ўскладуць кветкі да Каменя памяці ахвяр і герояў чарнобыльскай катастрофы ў сталічным парку Дружбы народаў. Мерапрыемствы з нагоды 21-й гадавіны аварыі на ЧАЭС пройдуць таксама ў іншых рэгіёнах краіны.