26 лістапада — 80-годдзе Ўладзіміра Караткевіча

Сёння адзначаюць 80-годдзе з дня нараджэння Ўладзіміра Караткевіча, беларускага паэта, празаіка, драматурга і кінасцэнарыста, які зрабіў вялікі ўнёсак у беларускую літаратуру і паспрыяў яе папулярызацыі. Караткевіча лічаць пачынальнікам беларускага дэтэктыва, яго аповесць “Дзікае паляванне караля Стаха” з’яўляецца яскравым узорам гэтага жанру. Асаблівую вядомасць пісьменнік набыў, дзякуючы раманам “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, “Каласы пад сярпом тваім”, “Нельга забыць”. У сваёй творчасці Караткевіч звяртаўся пераважна да гісторыі Беларусі, адной з яго ўлюбёных тэмаў было паўстанне 1863 года пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.  Уладзімір Караткевіч дагэтуль з’яўляецца адным з найпапулярнейшых беларускіх літаратараў. Яго творы перакладзеныя на шмат якія мовы свету.