28 чэрвеня ў Беларусі прайшло апошняе цэнтралізаванае тэставанне — па хіміі

28 чэрвеня ў Беларусі завяршаецца цэнтралізаванае тэставанне. У гэты дзень праходзіць апошняе выпрабаванне — па хіміі. Як паведамілі БЕЛАПАН у кіраванні вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі, для ўдзелу ў тэставанні па хіміі зарэгістравалася каля 17,5 тыс. чалавек. Усяго, нагадаем, для ўдзелу ў цэнтралізаваных выпрабаваннях сёлета запісалася каля 176 тыс. чалавек, што на 19 тыс. менш, чым летась.

Нагадаем, пасля ўвядзення рэгістрацыйнага ўнёску за ўдзел у тэставанні колькасць абітурыентаў, якія зарэгістраваліся, але не з'явіліся на выпрабаванні, скарацілася. Памер рэгістрацыйнага ўнёску складае 10 тыс. рублёў за адзін прадмет.

Як і ў мінулыя гады, абітурыенты, якія з паважных прычынаў не змаглі прыйсці на выпрабаванні ва ўстаноўлены дзень, могуць прайсці тэставанне ў рэзервовы дзень — 2 ліпеня. Пунктам правядзення цэнтралізаванага тэставання па ўсіх навучальных прадметах у рэзервовы дзень вызначаны Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Выпрабаванні ў гэты дзень пачнуцца ў 11.00.

Нагадаем, сёлета паводле зменаў і дапаўненняў у Правілы прыёму ў вну тэрміны падачы дакументаў скарочаныя амаль на тыдзень. Прыём дакументаў у творчыя вну пройдзе з 5 па 11 ліпеня, у вну сілавых структур — з 5 па 13 ліпеня, у астатнія — з 12 па 23 ліпеня. На навучанне ў дзяржаўныя вну плануецца прыняць 81,2 тыс. чалавек, 31,2 тыс. з іх — за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. У прыватныя вну будзе прынята каля 9 тыс. чалавек.

БелаПАН