30 магілёўскіх сем’яў засяліліся ў "дом-прывід"

Каля 30 сем’яў, якія не маюць іншага жылля, засялілася ў афіцыйна няісную новабудоўлю па праспекце Дзімітрава ў Магілёве. Дом № 58 прынялі яшчэ ў снежні летась, аднак з-за памылак дзяржорганаў у афармленні “Акта прыёмкі” ён дагэтуль не мае тэхнічнага пашпарту, бо бюро тэхнічнай інвентарызацыі адмаўляе ў яго рэгістрацыі.

Таму жыхары не могуць аформіць ні тэхпашпарт на кватэру, ні ўласную рэгістрацыю. Як мінімум гэта азначае, што рахункі за кватэру яны будуць аплочваць як юрыдычныя асобы — гэта нашмат больш, чым для звычайных жыхароў. Узніклі праблемы ў банках з пацверджаннем выдаткаў па крэдытах.

У пошуках праўды жыхары звярталіся да ўсіх службаў, у тым ліку да Дзяржкамітэта па будаўніцтве, Міністэрства архітэктуры, Дзяржбуднадзору. Тыя прызнаюць парушэнні закону аб прыёмцы, аднак далей справа не ідзе.