30 Seconds To Mars змагаюцца супраць глабальнага пацяплення

Амерыканскія эма-рокеры 30 Seconds To Mars сталі першымі музыкамі, якія знялі відэакліп у глыбокім Запаляр'і. Здымкі роліка на песню «A Beautiful Lie» праходзілі ў Грэнландыі, 200 міль на поўнач ад Палярнага круга.
Дагэтуль яшчэ ніхто з музыкаў не залазіў на такую далёкую шырату.

Такім крокам Джарэд Лета і яго сябры вырашылі прыцягнуць увагу да праблемы глабальнага пацяплення.

Паводле словаў Джарэда, паездкай у Грэнландыю музыкі ажыццявілі сваю даўнюю мару.

"Гэта адно з самых яскравых уражанняў у жыцці. Усе былі літаральна ашаломленыя прыгажосцю і пышнасцю гэтай выспы, дзіўнай культурай і гасціннасцю жыхароў. У Грэнландыі як нідзе моцна адчуваюцца наступствы глабальнага пацяплення. Для яе жыхароў гэта не заўтрашні, а ўжо сённяшні дзень. Музыкі спадзяюцца, што новае відэа прымусіць задумацца пра тое, якую прыгажосць мы можам страціць, калі не прыкладзем агульных намаганняў для выпраўлення сітуацыі".

28 студзеня відэакліп 30 Seconds To Mars «A Beautiful Lie» быў прадстаўлены на MySpace, а ў хуткім часе адбудзецца і яго прэм'ера на MTV.

«A Beautiful Lie» стала чацвёртым сінглам з выдадзенага ў 2005-м годзе альбома гурта.

Цікава, што кліп на папярэднюю песню - «From Yesterday» - таксама здымаўся ў вельмі цікавым месцы: 30 Seconds To Mars могуць пахваліцца тым, што сталі першым амерыканскім гуртом, які цалкам зняў відэаролік у Кітаі.

Фота: www.mp3.com