4 траўня ў Мінску пройдуць спаборы па джып-трыяле

У аўтаспаборы па джып-трыяле, які пройдзе 4 траўня ў Мінску, могуць узяць удзел усе ахвотныя. Акцыя адбудзецца ў рамках аўтавыставы "Мінскі аўтасалон" ля спорткомплексу "Футбольны манеж". Як паведаміў БелаПАН прэс-аташэ джып-трыялу Даніла Далматаў, у спаборніцтвах могуць прыняць удзел усё ахвотныя на сваіх недарожніках і квадрацыклах. Удзельнікі будуць падзеленыя на тры групы: аматары — на звычайных паўнапрывадных аўтамабілях, прафесіяналы — на падрыхтаваных джыпах і група для квадрацыклістаў.

Паводле Далматава, свой удзел ужо пацвердзілі пераможцы Кубка па джыпе-трыяле, зарэгістраваліся і новыя ўдзельнікі. На старце чакаецца каля 25 экіпажаў.

Як адзначыў прэс-аташэ, падобныя паказальныя спаборніцтвы ўжо сталі традыцыяй і карыстаюцца вялікім поспехам у гледачоў. Джып-трыял у рамках аўтамабільнай выставы праводзіцца не першы год, а яго асноўная мэта -- зрабіць маляўнічае аўташоў. Таму суддзі не прытрымваюцца строгіх трыяльных правілаў, і перад спартоўцамі стаіць толькі адна задача -- пераадолець секцыю.

Д.Далматаў падкрэсліў, што правілы спаборніцтваў вельмі простыя. Задача экіпажа -- праехаць секцыю ў адведзены час, набраўшы мінімальную колькасць штрафных ачкоў. Маршрут руху па секцыі кожны экіпаж вызначае сам, а штрафныя ачкі налічаюцца за дотык да стоек брамак, да стужкі агароджы секцыі, а таксама за няпройдзеныя брамкі. Удзельнікі могуць выходзіць з аўтамабіля і дапамагаць аўтамабілям пераадолець цяжкасці на трасе.
БелаПАН