5 хвілін DaVinci на навагоднім карпаратыве — 500 долараў!

Еўрарадыё паспрабавала “запрасіць” папулярных музыкаў на выступ у навагоднюю ноч недзе далёка ад Мінска... Дзяніс Дудзінскі, шоўмэн і лідэр гурта DaVinci, распавёў еўрарадыйным “арганізатарам”, што мы павінныя папросту прапанаваць суму крыху большую за тыя грошы, якія гурт можа зарабіць у Мінску на некалькіх мерапрыемствах:

Дудзінскі: “На сённяшні дзень у нас запланаваныя тры выступы ў Мінску. Прычым яны не сольныя, таму мы можам і адмовіцца. За кожны выступ нам абяцалі па 2500 долараў. Таму калі вы прапануеце нам 8000 долараў — мы будзем сустракаць Новы год разам з вамі”.

Апроч удзелу ў гурце DaVinci, Дзяніс Дудзінскі яшчэ і вядомы шоўмэн. Аднак выступаць у якасці спевака і вядоўцы спадар Дудзінскі не раіць. Бо гэта будзе тады “нейкая мешаніна”: адзін і той жа чалавек сам сябе аб’яўляе і гэтак далей. Аднак гэта “амаль не будзе нічога каштаваць… недзе 600 долараў”:

Дудзінскі: “Я магу з лёгкасцю падключыцца ў працэсе. У прынцыпе, гэта нават асабліва каштаваць нічога не будзе. То бок долараў 600… Ну, можна дамовіцца: і за гурт DaVinci, і за маё вядзенне вечара — 8500 долараў”.

Гурт “Ляпіс Трубяцкой” замовіць на Новы год з выступам у Беларусі не атрымаецца. Яўген Калмыкоў, прадзюсэр каманды, распавёў Еўрарадыё, што гурт і 31 снежня, і 1 студзеня выступае з канцэртамі ў Маскве:

Калмыкоў: “У нас і 31 снежня, і 1 студзеня запланаваныя канцэрты ў маскоўскім клубе “Ікра”. Прычым гэта не карпаратывы, а звычайныя канцэрты для ўсіх жадаючых. Адзінае што — можа клуб закрыцца…”

Аднак колькасць грошай, за якія “Ляпісы” будуць здольныя выступіць на прыватнай вечарыне, прынамсі ў Светлагорску, спадар Калмыкоў назваць адмовіўся. Аднак пазначыў, што “ўсё магчыма”:

Калмыкоў: “Ды, канечне ж, можна. Нам грошы патрэбныя на рэвалюцыю сумлення! А кошт будзе залежыць ад колеру вачэй таго, хто будзе замаўляць”.

“Лепрыконсы” навагоднюю ноч гэтаксама будуць сустракаць з канцэртам у Маскве. Франтмэн гурта Ілля Міцько распавёў, што музыкі з лёгкасцю прыедуць куды заўгодна ў Беларусі 1 студзеня. Начаваць заставацца не будуць, аднак апроч ганарара, арганізатарам імпрэзы трэба будзе арандаваць для музыкаў тры нумары ў гатэлі. І заправіць аўтобус долараў на 200:

Міцько: “Напэўна, гэта будзе каштаваць недзе 5000 долараў. Мы граем паўтары гадзіны з лёгкасцю! Калі арганізатары будуць прасіць ці публіцы ну вельмі мы спадабаемся — можам і больш знаходзіцца на сцэне. Нейкіх асаблівасцяў у нашым райдэры няма. Адзінае што — вам трэба будзе даць нам яшчэ недзе долараў 200, каб заправіць палівам аўтобус”.

Вячаслаў, дырэктар The Toobes і бацька вакаліста Стаса Ламакіна, распавёў “арганізатарам”, што досведу ў навагодніх канцэртах у гурта пакуль яшчэ няма. Звычайна гурт “каштуе” 1000 долараў. На 31 снежня кошты будуць пачынацца ад 3000 долараў:

Вячаслаў: “Цяжка нам казаць пра Новы год. Трэба зыходзіць з вашых магчымасцяў. Калі вы выконваеце напоўніцу наш тэхнічны райдэр — мы і на цягніку можам прыехаць. Праграма будзе 2 гадзіны. 2000 будзе замала, канечне. Я думаю, што на 3000 долараў мы можам дамаўляцца”.

Самымі кароткімі выступамі адзначыліся Аляксей Хлястоў і Ўлада. Як аказалася, хвіліна выступа айчынных поп-зорак каштуе 75 і 60 долараў адпаведна. Лілія, прадстаўніца Аляксея Хлястова і спявачкі Ўлады, зазначыла, што пакуль у Мінску на такія кошты ніхто яшчэ не згадзіўся. Таму можна будзе “замовіць” артыстаў і ў Светлагорск:

Лілія: “Выступ у навагоднюю ноч будзе каштаваць у Хлястова 3000 долараў. Ўлада заспявае за 1500. Такія кошты, бо ўсё ж такі Светлагорск — не блізка. Улада прыязджае з адміністратарам і больш за 25 хвілін не працуе. Хлястоў едзе з гукарэжысёрам, працуе “ўжывую” і спявае не больш за 40 хвілін”.  

Такім чынам, паважаныя слухачы, Еўрарадыё раіць вам чарговы раз падумаць, як, дзе і з кім святкаваць Новы год. Можа, сапраўды лепш “не хапаць зорак з неба?”