50 Cent узначаліў спіс багацеяў Forbes

Рэпер 50 Cent прызнаны самай высокааплатнай зоркай шоў-бізнэсу па выніках года, які прайшоў. Зарабіўшы за апошнія 12 месяцаў 102.7 мільёны фунтаў стэрлінгаў, выканаўца ўзначаліў штогадовы рэйтынг часопіса Forbes, пакінуўшы далёка ззаду сваіх калегаў-канкурэнтаў. Другі радок спісу багачоў занялі брытанскія рокеры The Police, якія дзякуючы свайму рэюніён-туру паклалі ў скарбонку 78.8 мільёнаў.

Цікава, што легендарным The Beatles, якія спынілі сваё існаванне амаль сорак гадоў таму, атрымалася зарабіць больш, чым Мадоне (Madonna) і Кэні Ўэсту (Kanye West). Яны і сталі бронзавымі прызёрамі рэйтынгу. Агульныя адлічэнні ліцэнзійнай кампаніі Apple Corps сэру Полу Макартні (Paul McCartney), Рынга Стару (Ringo Starr) і праванашчадкам нябожчыкаў удзельнікаў Beatles склалі 35.1 млн. У той жа час Мадона павялічыла свой фінансавы стан на 27.4 мільёны, а рэпер Кэні Ўэст зарабіў 18 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў.

Што тычыцца знакамітасцей, якія не дасягнулі 30-ці гадоў, сярод іх лідыруе Беёнс Ноўлз (Beyonce Knowles). За бягучы год 27-гадовая спявачка і акторка папоўніла свае актывы на 55 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў. Амаль удвая меншую суму зарабіў яе калега па сцэне Джасцін Тымберлэйк (Justin Timberlake).

Цікава, што раўналежна Беёнс атрымалася ўзначаліць яшчэ адзін рэйтынг багатыроў, складзены Forbes. На сённяшні дзень спявачка разам з мужам Jay-Z з'яўляюцца найбагацейшай галівудскай парай: іх агульны стан складае 109 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў.

Фота: www.times.ua