Абаронцы касцёла Св.Язэпа звярнуліся ў пракуратуру

Абаронцы касцёла Святога Язэпа звярнуліся ў пракуратуру Цэнтральнага раёна Мінску. Яны лічаць, што ў часе рэканструкцыі будынку кляштара бернардынцаў было парушана заканадаўства. Прадпрыемства “Мінская спадчына” не правяло грамадскія слуханні і не ўлічыла меркаванні гараджанаў у пытанні рэканструкцыі кляштара — помніка віленскага барока XVII стагоддзя. Кляштар разам з касцёлам з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю міжнароднага значэння. Сустаршыня “Беларускай хрысціянскай дэмакратыі” Павел Севярынец паведаміў БелаПАН, што калі раённая пракуратура не адрэагуе належным чынам на ліст грамадскасці, то будуць звароты ў Генпракуратуру і ў суд. Са словаў спадара Севярынца, рыхтуецца і зварот да ўладаў у сувязі з невыкананнем пастановы Мінгарвыканкама ад 1993 года. Згодна з гэтым дакументам, касцёл Святога Язэпа быў перададзены каталікам.