АБСЕ чакае тлумачэнняў ад улад

Прадстаўнікі АБСЕ абмяркоўваюць з беларускімі ўладамі тэму затрымання лідараў апазіцыі. Кіраўнік місіі доўгатэрміновых назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ Герт Хінрых Арэнс паведаміў на прэс-канферэнцыі, што сёння абмеркаваў з кіраўніком МЗС Сяргеем Мартынавым тэму затрымання былых кандыдатаў у прэзідэнты.

Арэнс адзначыў, што гэтая сустрэча адбылася з удзелам кіраўніка офіса АБСЕ ў Мінску Бенэдыкта Халера, таму "офіс працягвае займацца гэтым пытаннем", — паведамляе БелаПАН.

Кіраўнік місіі кароткатэрміновых назіральнікаў АБСЕ Тоні Лойд паведаміў, што АБСЕ запытала ў беларускіх улад інфармацыю пра месцазнаходжанне і ўмовы ўтрымання затрыманых 19 снежня семярых былых кандыдатаў у прэзідэнты. "Мы таксама чакаем ад уладаў тлумачэнняў з нагоды ўчорашняга", — сказаў Лойд.