АБСЕ заклікае Беларусь вызваліць журналістаў

Прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дуня Міятовіч у сераду заклікала спыніць нападкі на незалежную прэсу ў Беларусі і неадкладна вызваліць са зняволення затрыманых журналістаў. "Я глыбока занепакоена беспрэцэндэнтнай хваляй гвалту, арыштаў і пераследаў журналістаў, якая пачалася пасля выбараў 19 снежня 2010 года ў Беларусі", – падкрэсліла Міятовіч у лісце міністру замежных спраў Беларусі Сяргею Мартынаву.

Карэспандэнт расійскай "Новай Газеты" Ірына Халіп і рэдактар вэб-рэсурсу "Хартыя 97" Наталля Радзіна былі арыштаваны пасля акцый пратэсту ў Мінску. Ім прад'яўляюцца абвінавачванні ў арганізацыі "масавых беспарадкаў". Абедзвюм пагражае турэмнае зняволенне да 15 гадоў.

Акрамя гэтага, беларускія праваахоўныя органы правялі ператрусы рэдакцый газеты "Наша Ніва", Еўрапейскага радыё для Беларусі і тэлеканала "Белсат". У кватэрах некалькіх супрацоўнікаў гэтых СМІ былі праведзены ператрусы і канфіскавана кампутарнае абсталяванне.

Дуня Міятовіч заклікала ўлады Беларусі спыніць падобныя акцыі і неадкладна вызваліць Халіп і Радзіну.

Прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ апавясціла беларускія ўлады пра тое, што яна гатовая наведаць Мінск у хуткім часе і праз офіс АБСЕ ў беларускай сталіцы дапамагчы Беларусі вярнуцца да нормаў выканання свабоды сродкаў масавай інфармацыі, паведамляе "Голос Америки".