Абвінавачванне Віктара Каліны будуецца на выніках следчага эксперымента

У Першамаўскім судзе г. Мінска пачалося слуханне справы беларускага шансанье Віктара Каліны і яго жонкі Святланы. Да перапынка суд задаваў пытанні Святлане Каліне. З яе словаў, аўтамабіль сапраўды знаходзіўся ў продажы, аднак сапраўды быў угнаны пасля таго, як яна атрымала задатак. Святлана кажа, што разбіральніцтва ідзе нармальна. Прадузятага стаўлення з боку суда да сябе і свайго мужа яна не заўважыла.

Інфармагенцтва “Интерфакс” паведамляе, што абвінавачванне будуецца на выніках следчага эксперымента. "У ролі пакупнікоў выступілі два супрацоўніка органаў унутраных спраў Беларусі, і ў рамках аператыўнага эксперыменту набылі аўтамабіль "Мэрсэдэс-Бэнц S500" за 13 тысяч долараў ЗША", – цытуе абвінаваўцу “Интерфакс”.

Нагадаем, Віктара і Святлану Каліна абвінавачваюць у тым, што яны спачатку прадалі свой аўтамабіль “Мэрсэдэс-Бэнц S500”, а пасля паспрабавалі атрымаць за яго страхоўку, матывуючы гэта тым, што яго ўгналі. Такія дзеянні кваліфікуюцца беларускім Крымінальным кодэксам як махлярства ў асабліва буйным памеры і могуць быць пакараныя турэмным зняволеннем на тэрмін ад 3 да 10 гадоў.

Ні Віктар, ні Святлана Каліна сваёй віны не прызналі.