Ace of Base выпусцяць складанку лепшых хітоў

Вядомы швецкі поп-гурт Ace of Base выпускае складанку сваіх лепшых песень. Кампіляцыя "Greatest Hits" з трох кружэлак будзе выдадзеная кампаніяй "Танцавальны рай" у канцы сакавіка. На першай кружэлцы складанкі змесцяцца 16 галоўных хітоў калектыва, пачынаючы ад "All That She Wants" і "Happy Nation" і заканчваючы "Unspeakable" і "Da Capo". На другую кружэлку патрапяць 13 рэміксаў на песні Ace of Base у выкананні такіх дыджэяў, як Denniz Pop, Max Martin, David Morales, SoulPoets, Aswad, Love To Infinity, Discomatic, Tommy Ekman, Lenny Bertoldo і Marc "DJ Stew" Pirrone, а таксама новыя версіі кампазіцый "Wheel of Fortune" і "Don't Turn Around" у выкананні самой каманды. Трэцяй кружэлкай у выданні стане DVD з усімі 17 відэакліпамі калектыва.

За сваю кар'еру Ace of Base, якія дэбютавалі ў 1993 годзе, выпусцілі чатыры студыйныя альбомы, тыражы якіх разам з разнастайнымі складанкамі дасягнулі 50 мільёнаў асобнікаў. Паводле ўзроўню продажаў калектыў апярэджваюць толькі дзве швецкія каманды: ABBA і Roxette. У 2009 годзе Ace of Base таксама плануюць запісаць новы альбом.

Фота: www.gloss.ua