Ад віруснай атакі віртуальнай "Леначкі" пацярпелі дзесяткі тысяч беларусаў

Да непрадказальных наступстваў можа прывесці масіраваная атака беларускіх паштовых сервераў. Замаскіраваны пад прывітанне ад "Леначкі" вірус на мінулым тыдні некалькі дзён бесперашкодна патрапіў на карпаратыўныя і прыватныя адрасы беларусаў.

Паводле самых сціплых падлікаў на гэтую правакацыю з прапановай спампаваць пікантныя фота "тваёй Леначкі" паддаліся дзесяткі тысяч карыстальнікаў, уключна з дзеячамі культуры, банкірамі і офіснымі працаўнікамі.

Як паведамляе "Ежедневник", змест ліста быў наступны: "Прывітанне, памятаеш мяне? У архіве мае фоткі як ты прасіў... (ідзе спасылка на архіў). Цалую, Твая Леначка".

Практычна ў кожнай арганізацыі краіны, да якой даляцелі гэтыя пасланні, знайшоўся хаця б адзін чалавек, які захацеў паглядзець на гэтую таямнічую Леначку і адчыніў шлях для віруса. Цяпер рассылка небяспечных лістоў заблакаваная.