Ад жыхара Гомеля патрабуюць падатковую дэкларацыю за ўсё жыццё

Гомельскія падаткавікі патрабуюць ад мясцовага актывіста дэмакратычнага руху 33-гадовага Канстанціна Жукоўскага падатковую дэкларацыю за ўсё жыццё - ад нараджэння і да сённяшняга дня. Ён мусіць пацвердзіць свае прыбыткі дакументамі.

Нагадаем, што "блуканне па пакутах" Жукоўскага пачалося пасля таго, як ён сам паведаміў у падатковую, якая зацікавілася яго прыбыткамі, што калісьці атрымаў пэўную суму ў доларах у якасці падарунка на вяселле ад сваякоў з Украіны.

Гэтая валюта была прызнаная "замежнай дапамогай", абавязковай для дэкларавання ў дэпартаменце па гуманітарнай дзейнасці. На Канстанціна Жукоўскага наклалі штраф у памеры 1 мільён 750 тысяч рублёў. Цяпер жа ён мусіць патлумачыць, за якія сродкі набыў машыну і дом.

Жукоўскі прызнае, што стварыў сабе праблемы сам, а трэба было схітрыць, а не казаць праўду:

"Выходзіць, што я павінен быў ашукваць дзяржаву, выкручвацца і казаць, што "грошы я ўзяў у Пеці, які прадаў хату". Так мне трэба было дзейнічаць, але я не хацеў так рабіць. Грошы ж у мяне "чыстыя", не з-за мяжы атрыманыя. Яны заробленыя і з іх сплочаныя падаткі, але ў мяне няма паперак, каб гэта пацвердзіць".


Канстанцін Жукоўскі кажа, што грошы зарабляў легальна, у тым ліку і на заробках у Расіі, але ўсё пацвердзіць дакументальна не можа. Абласная інспекцыя па падатках і зборах, куды ён пісаў скаргу, прадказальна заняла бок раённай інспекцыі. Больш ніякіх папер Жукоўскі пісаць не хоча. Падаткавікам ён параіў падаваць на яго ў суд.