Адбылася прэзентацыя новых кніг, прысвечаных гісторыі Пастаўшчыны

У Пастаўскай раённай бібліятэцы 27 сакавіка адбылася прэзентацыя трох новых кніг краязнаўцы Ігара Пракаповіча. Кнігі прысвечаныя гісторыі Пастаўскага раёна.

Адно з новых выданняў называецца "За смугою мінулых часоў", у ім апісаныя археалагічныя помнікі Пастаўшчыны. Гэта самае грунтоўнае выданне аўтара, над ім ён працаваў некалькі гадоў. На сённяшні дзень гэта найбольш поўны пералік помнікаў мінуўшчыны на Пастаўшчыне.

Кніга "Парфорснае паляванне ў Паставах" распавядае пра паляванні курсантаў Акадэміі расійскага генштаба, якія адбываліся ва ўладаннях графа Пшаздзецкага напачатку мінулага стагоддзя.

Трэцяя кніга – "У пошуках забытага шляху" – прадстаўляе аўтарскую гіпотэзу пра існаванне ў сярэднявеччы воднага шляху, які злучаў басейны Дзвіны і Нёмана праз рэкі Дзісна, Мядзелка, Нарачанка і возера Мядзел.

Прэзентацыю наведала паўтара дзесятка чалавек чалавек – мясцовыя настаўнікі, краязнаўцы, творчыя асобы, журналісты.


На прэзентацыі нельга было набыць кнігі аўтара. Ігар Пракаповіч паведаміў, што не мае кніг на продаж, паколькі атрымаў ад выдавецтва толькі некалькі асобнікаў. Жадаючыя пазнаёміцца з творамі краязнаўцы могуць знайсці іх у бібліятэках.