Адкрываць “Кастрычніцкую” 1 верасня нават не планавалася

Як стала вядома Еўрарадыё, паводле кантракту з расійскай фірмай, што займаецца мантажом эскалатараў, аб’ект павінен быць здадзены 30 верасня. Але і гэтага не атрымаецца, паколькі беларускі бок зацягнуў падрыхтоўчыя працы на два тыдні. Станцыя мінскага метро “Кастрычніцкая” адкрыецца не раней за сярэдзіну кастрычніка. Нагадаем, метрабудаўцам загадалі скончыць рамонт да 1 верасня. Аднак, як стала вядома Еўрарадыё, завяршаць працы ў гэтыя тэрміны нават не планавалася.

Паводле кантракту з расійскай фірмай, што займаецца мантажом эскалатараў, аб’ект павінен быць здадзены 30 верасня. Пра гэта распавёў начальнік камерцыйнага аддзела санкт-пецярбургскай фірмы “ЭС-сэрвіс” Яўген Маневіч.

Яўген Маневіч: “Спачатку мы вялі перамовы наконт 1 верасня, але гэта быў зусім нерэальны тэрмін. Мы аб гэтым заявілі прама і, наколькі я разумею, у выніку ўнутраных перамоў тэрмін здачы перанеслі на месяц пазней”.

Але здаць станцыю 30 верасня ў расійскай фірмы таксама не атрымаецца, таму што беларускія будаўнікі не паспелі падрыхтаваць яе своечасова, спазніўшыся на 2 тыдні. Таму канкрэтную дату заканчэння прац Яўген Маневіч назваць не можа.

Яўген Маневіч:“Нам будаўнічую гатоўнасць прадаставілі на два тыдні пазней, чым павінен быў па кантракце “Мінскметрабуд”. Адпаведна, калі будзем рухацца па графіку, то і затрымка будзе эквівалентная. Таму мы можам гаварыць пра тое, што дата здачы ссоўваецца на два тыдні”.

Як раней паведамляла Еўрарадыё, рэканструкцыяй станцыі “Кастрычніцкая” займаецца УП “Мінскметрабуд”. Досведу па дэмантажы эскалатараў арганізацыя не мае. Таму і не здзіўляе затрымка на два тыдні.

Нагадаем, да таго, як беларусы звярнуліся да расійскай кампаніі, усталёўваць эскалатары на “Кастрычніцкай” прапаноўвалі самім вытворцам — “Крукаўскаму вагонабудаўнічаму заводу”. Але ўкраінцы адмовіліся, спаслаўшыся на нерэальныя тэрміны выканання прац.

Цяпер, у сувязі з тым, што станцыя не адкрыецца своечасова, мінчукам можна будзе яшчэ да сярэдзіны кастрычніка катацца на бясплатным аўтобусе №33, які курсіруе ад станцыі метро “Інстытут Культуры” да “Плошчы Перамогі”.

А вось у “Мінсктрансе” такой навіне не рады. Цяпер прадпрыемства панясе незапланаваныя страты. Дарэчы, пра тое што “Кастрычніцкая” не адкрыецца ў тэрмін, там даведаліся толькі сёння ранкам, таму будучыя страты пакуль не пралічылі, распавёў начальнік упраўлення перавозак “Мінсктранса” Сяргей Ясінскі.

Сяргей Ясінскі: “Пакуль не магу сказаць пра страты, я сам толькі сёння ранкам атрымаў гэтую інфармацыю ад дырэкцыі. Разлікамі мы пакуль не займаліся, таму што патрэбна дакладна ведаць дату адкрыцця станцыі”.

Фота - y-bd.livejournal.com

Матэрыял па тэме: "Кастрычніцкая" можа быць зачынена да лістапада