Адміністрацыя "Камароўкі" праверыла наяўнасць беларускіх тавараў

У суботу на Камароўскім рынку ў Мінску адміністрацыя праводзіла масавую рэвізію гандляроў на наяўнасць у продажы ня менш за 50% беларускіх тавараў. Гэта выклікала незадавальненне гандляроў.


Прадстаўнік рэвізійнага аддзелу "Камароўкі" растлумачыў "Еўрарадыё": "Мы адсочваем, каб былі ў наяўнасці беларускія тавары бакалейнай групы - гарбата, кава, алей, кандытарскія вырабы, - якія прадукуюцца або расфасоўваюцца ў Беларусі.Маладзечна фасуе гарбату, Мінская гароднінная фабрыка вырабляе гарбату, ёсць і наша кава - "Мілорд".

Паводле правілаў гандлю на рынках Беларусі, у выпадку парушэння заканадаўства прымяняюцца санкцыі уключна да прыпынення гандлёвай дзейнасці, аднак адміністрацыя рынка, паводле прадстаўніка рэвізійнага аддзелу "Камароўкі", не мае права накладаць штрафныя санкцыі.

У размове з карэспандэнтам "Еўрарадыё" гандляры выказвалі незадавальненне, бо шэраг беларускіх тавараў не карыстаюцца попытам з-за горшай якасці або неканкурэнцыйнай цаны ў параўнанні з замежнымі аналагамі.