Адміністрацыя прэзідэнта адказала "Стоп-бензіну" праз Саўмін

Ініцыятары акцыі аўтааматараў "Стоп-бензін" атрымалі адказ з апарата Савета міністраў на зварот у Адміністрацыю прэзідэнта. Акцыя аўтааматараў супраць павышэння цэн на бензін на ўнутраным рынку праходзіла ў Беларусі з 1 па 4 чэрвеня. Яе ўдзельнікі заявілі пра намер ці ігнараваць АЗС канцэрна "Белнафтахім", ці ў знак пратэсту купляць не больш за два літры паліва. Нагадаем, канцэрн "Белнафтахім" 12 траўня ў трэці раз з пачатку 2010 года павысіў цэны на нафтапрадукты больш чым на 6%.

1 чэрвеня ініцыятары акцыі накіравалі зварот кіраўніку Беларусі, у якім гаворыцца, што "ў сваіх дзеяннях канцэрн "Белнафтахім" кіруецца не рыначным становішчам, а выключна паняццем сваёй уласнай выгады". Аўтары звароту папрасілі кіраўніка дзяржавы растлумачыць механізм і сутнасць працэсу фарміравання адпускных цэн на нафту і нафтапрадукты, што рэалізуюцца на запраўках краіны, а менавіта на бензін і дызельнае паліва.

У лісце, які паступіў з апарата Саўміна, гаворыцца, што 17 чэрвеня зварот ініцыятараў акцыі накіраваны для разгляду ў канцэрн "Белнафтахім" "з просьбай паведаміць аб выніках Савету міністраў", паведамляе БелаПАН.