Адмыслоўцы МДУ: беларускія падручнікі “трактуюць гісторыю дакладна”

Адмыслоўцы з Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта прааналізавалі 187 школьных падручнікаў гісторыі ў 12 краінах былога СССР. На іх думку, падлеткі атрымліваюць з падручнікаў недакладную трактоўку гісторыі ў 10 з 12 краінаў: за выключэннем Беларусі і Арменіі. Скажэнні датычацца, найперш, Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый і перыядаў актыўнага будаўніцтва сацыялізма, Другой Сусветнай вайны і пасляваенных гадоў. Навукоўцы з былых савецкіх рэспублік паслядоўна робяць з СССР ворага, а ўваход у склад Растт амаль заўжды ацэньваецца негатыўна, з акцэнтам на страту самастойнасці. Станоўчыя моманты не заўважаюцца, — пераказвае падрыхтаваную справаздачу сайт “Новости МГУ”.

Аўтары лакальных падручнікаў імкнуцца “зрабіць” свой народ як мага больш старажытным. Так, напрыклад, продкі азербайджанцаў абвяшчаюцца сучаснікамі шумераў. Гэтая “штучная” даўніна дае сучасным гісторыкам падставы для сур’ёзных сцвярджэнняў. Напрыклад, наконт таго, што “сучасная Арменія ўзнікла на тэрыторыі старажытнага Заходняга Азербайджана”. Эстонскія падручнікі распавядаюць, што за шведамі Эстонія стала паўнавартаснай часткай Еўропы, што пасля дапамагло эстонцам пазбегнуць “абрусення”, — скардзяцца маскоўскія навукоўцы.

Перыяд СССР згадваецца як бесперапынная барацьба народаў супраць акупантаў. Пачатак Другой Сусветнай вайны звязваецца з пактам Молатава-Рыбентропа, таму слова “агрэсар” ужываецца менавіта ў дачыненні да СССР. Але ў беларускіх падручніках, паводле сведчанняў адмыслоўцаў з МДУ, усё “дакладна”.