АДС патрабуе памяняць склад Цэнтравыбаркаму

Арганізацыя наступных прэзідэнцкіх выбараў цяперашнім складам Цэнтральнай камісіі па правядзенні выбараў і рэспубліканскіх рэферэндумаў недапушчальная. Пра гэта заявіў прэзідыўм палітрады Аб'яднаных дэмакратычных сіл. Нагодай для заявы, як інфармуе БелаПАН, сталі нядаўнія выказванні Аляксандра Лукашэнкі. У інтэрв'ю расійскім СМІ ён заявіў: "За мяне на апошніх выбарах прагаласавала, для звесткі, 93%. І я прызнаўся потым, калі мяне проста пачалі душыць, што мы фальсіфікавалі выбары. Я аддаў каманду, каб не 93% было, а дзесьці там 80, я не памятаю колькі. Таму што за 90 — гэта ўжо псіхалагічна не ўспрымаецца. Але гэта была праўда".

На думку апазіцыі, "такія выказванні немагчыма ігнараваць, бо іх аўтарам з'яўляецца чалавек, які прызнаны пераможцам на апошніх прэзідэнцкіх выбарах і ажыццяўляе фактычнае кіраўніцтва краінай".

Прэзідыўм палітрады патрабуе ад Генеральнай пракуратуры правесці расследаванне па факце заявы Лукашэнкі пра фальсіфікацыю вынікаў апошніх выбараў кіраўніка дзяржавы, а таксама вызначыць і прыцягнуць да адказнасці ў адпаведнасці з артыкулам 192-м Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (парушэнне заканадаўства аб выбарах, рэферэндуме, аб водгуку дэпутата і аб рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзян) асоб, якія спрычыніліся да фальсіфікацый выбараў.

У Генеральную пракуратуру цяпер таксама рыхтуецца зварот з аналагічнымі патрабаваннямі. Яго павінны падпісаць каля 50 чалавек, якія непасрэдна сутыкаліся з фальсіфікацыямі на прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарах.