Адвакат Байковай: Калі супраць мяне завядуць справу, гэта будзе нонсэнс

Адвакат Святланы Байковай лічыць, што заводзіць супраць яго крымінальную справу – незаконна.

Скандал звязаны са зваротам КДБ. Спецслужба папрасіла Генракуратуру правесці праверку, бо Воўчак, маўляў, раскрыў вынікі папярэдняга раследавання па справе Байковай. Гаворка ідзе пра запіс тэлефонных перамоваў фігурантаў "справы Байковай", у тым ліку неназванага афіцэра міліцыі. Афіцэр раскрываў фігурантам сакрэты справаў, якія расследавала старшая следчая Генпракуратуры Байкова.

Адвакат накіраваў скаргу ў Генпракуратуру. Матэрыялы скаргі сталі тэмай публікацыі журналіста Віктара Федаровіча. Журналіста і адваката выклікалі для тлумачэнняў ў Генпракуратуру.

Воўчак лічыць, што ў яго справе няма ніякага злачынства, бо ён паведаміў Генпракуратуры пра злачынства з боку афіцэра міліцыі. Пра гэта адвакат распавёў Еўрарадыё.

Воўчак: "Чалавек здзейсніў злачынства, я паведаміў пра гэта. Калі будзе распачатая справа – будзе нонсэнс. Гэта можа адштурхнуць людзей ад усялякіх паведамленняў. Я мяркую, што не будзе ніякай справы. Пракуратура ж не можа распачынаць незаконную справу..."

Воўчак кажа, што разлічвае на падтрымку калег-адвакатаў.