Адвакат Міхалевіча раіць не насіць яму перадачы
Адвакат Алеся Міхалевіча параіў жонцы палітыка Мілане пакуль не насіць свайму мужу перадачы ў СІЗА КДБ. І патлумачыў гэта тым, расказала яна Еўрарадыё, што пакуль нявызначаны статус экс-кандыдата ў прэзідэнты.
Мілана Міхалевіч: “Адвакат параіў мне гэтага не рабіць (не насіць перадачы мужу — ЕРБ), а дачакацца якіх-небудзь новых звестак. Таму што, тэарэтычна час, калі яго могуць трымаць без пераводу ў статус абвінавачанага, заканчваецца ў чацвер, каля 4-й раніцы. Проста ёсць сэнс пачакаць і даведацца, што будзе далей”.
Сама Мілана свайго мужа да гэтага часу не бачыла, але, кажа, з ім сустракаўся адвакат. У той жа час яна нагадала, што зараз Алесь Міхалевіч мае статус затрыманага па артыкуле 293 за “арганізацыю масавых беспарадкаў”.