Адвакат: Зэльцэр падчас галадоўкі ў турме пачуваецца дрэнна

Эмануіл Зэльцэр, які галадае ў магілёўскай калоніі, пачуваецца дрэнна. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў адвакат Дзмітрый Гарачка, які 19 чэрвеня наведаў свайго падабароннага.
Па словах Гарачкі, амерыканец вельмі моцна схуднеў, але мае намер працягваць галадоўку.

Дзмітрый Гарачка: “Праблема ў тым, што ён і так слабаваты, а тут яшчэ і галадае”.

Нагадаем, што Зэльцэр галадае з 8 чэрвеня. Такім чынам ён спрабуе прыцягнуць увагу да факту неабгрунтаванага зацягвання выдачы Мінскім гарадскім судом даведкі, без якой адміністрацыя калоніі не можа разгледзець пытанне пра яго амністыю, кажа Гарачка.

Дзмітрый Гарачка: "Ён пачаў галадоўку з-за таго, што суд горада Мінска не адпраўляе ў калонію даведку аб тым, што ў яго адсутнічае пазоў па крымінальнай справе. З-за гэтага калонія не можа пачаць разгляд пытання аб амністыі".

11 чэрвеня адвакат накіраваў у Вярхоўны суд і Генеральную пракуратуру Беларусі скаргу на дзеянні Мінгарсуда. Адказу пакуль не было.