Адвакаты баяцца абараняць Ірыну Халіп

Пра гэта Еўрарадыё распавёў Уладзімір Халіп, бацька журналісткі, узятай пад хатні арышт.
Спадар Уладзімір вінаваціць ва ўсім улады. Кажа, яны зрабілі ўсё, каб пазбавіць яго дачку законных сродкаў абароны.

Халіп: Першы адвакат, якога мы запрасілі спадар Тоўсцік адчуў адразу на сабе ціск. А потым яны павялі справу такім чынам, што прымусілі Ірыну адмовіцца ад гэтага адваката, бо інакш ён бы згубіў ліцэнзію. Вось так у нас дзейнічае гэта сістэма. Потым мы заключылі дамову яшчэ з адным адвакатам, не хачу называць яе прозвішча, бо яна тут не вінаватая… Але гэтая сістэма мае такія сродкі ўздзеяння на людзей, якія ў цывілізаваным грамадстве недапушчальныя, якія увогуле ў свеце недапушчальныя. І вось яны знайшлі сродкі ўздзейнічаць і на гэтага адваката. І такім чынам насуперак усім правілам: калі заключаная дамова, то адвакат ужо не мае права адмовіцца ад вядзення справы, — яна патэлефанавала і адмовілася. Можаце сабе ўявіць, якой сілай было ўздзеянне, калі адвакат ідзе насуперак правілам, якія існуюць у юрыспрудэнцыі! Ну пра што тут гаварыць. Дзікае поле, не краіна!

Цяпер сям’я Халіпаў будзе шукаць іншага адваката. Яны ўсведамляюць, што наперадзе іх чакаюць вялікія цяжкасці.

Халіп: Мы будзем шукаць зараз сродкі вырашыць гэтую праблему, але гэта будзе вельмі цяжка зрабіць. Яны нахапалі столькі людзей, столькі палітзняволеных, што адвакаты, здольныя весці гэтыя працэсы, усе ўжо разабраныя. І ў нас амаль не застанецца выбару, мы шукаем хоць каго-небудзь.

Па словах Уладзіміра Халіпа, мала надзеяў нават на тых адвакатаў, якія бароняць іншых палітвязняў. Усе адвакаты папросту перагружаныя, і Халіпы ўжо атрымалі некалькі адмоваў.