"Адыс Абеба" раздаюць новы альбом бясплатна

На афіцыйным сайце мінскага рэгі-гурта "Адыс Абеба" у вольным доступе з’явіўся іх новы альбом. Што цікава, папярэдні альбом, запісаны 3 гады таму, можна было скачаць гэтак жа задарма.


Як аказалася, справа не ў прынцыповай пазіцыі музыкаў ці іх нядбайнасці ў фінансавых пытаннях. Проста беларускі музычны рынак не выклікае энтузіязму ў аднаго з самых паспяховых рэгі-калектываў нашай краіны.

Насамрэч рукі проста не даходзяць і ў Беларусі выдавацца не так і трэба, і неахвота, а да Расіі ўсё не можам дабрацца ніяк, ні да якога лейбла. Але, магчыма, выдадзім гэты альбом ужо на нейкім расійскім лейбле. А, магчыма, і так, самі”, — тлумачыць сітуацыю вакаліст Дзіма.

Песні з новага альбома "Адыс Абеба" актыўна граюць на канцэртах, у тым ліку і ў Беларусі.

Апошні канцэрт прайшоў 19 красавіка ў паб-клубе “Графіці”, наступны павінен быць у Гродне 25-га красавіка, але ў гэтым музыкі не ўпэўненыя:

Гэта не факт, што ён будзе. Там даішнікі “прэсуюць” арганізатараў і дайшлі ажно да мінскага міністэрства, таму верагодна, што яго могуць адмяніць.”

З упэўненасцю музыкі кажуць толькі пра тое, што альбом, магчыма, будзе называцца “Дзеці” (паводле адной з новых беларускамоўных песень), а не “Чабурашка”. І гэта, нібыта, будзе адзіная беларускамоўная песня, з трох ужо запісаных, на альбоме. І яшчэ, напэўна, на альбоме будзе рэмікс на песню “Каханая”, з першага ці другога альбому ў “электраклэшавым стылі з электрабарабанамі”.