Адзіны студэнт-вазочнік не можа самастойна перамяшчацца па універсітэце

Каб трапіць у галоўны корпус Гродзенскага дзяржуніверсітэту, студэнту-трэццякурсніку неабходна штодзённая дапамога бацькоў і аднагрупнікаў.
21-гадовы Аляксандр Жук вывучае “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій” у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце.

"Калі я стану праграмістам, я змагу працаваць дома, — кажа Аляксандр. — Увогуле цікавасць да кампутараў і матэматыкі ў мяне з’явілася даўно".

Але існуе адно “але”: гэтая спецыяльнасць не выкладаецца на завочным і вячэрнім аддзяленнях.

18 чэрвеня ў рамках прэс-тура “Інваліды ў Беларусі. Як ратаваць сябе самім” на экзамен Аляксандра праводзіла група гродзенскіх журналістаў. Карэспандэнты рэгіянальных СМІ паглядзелі, як перасоўваецца адзіны студэнт-вазочнік вочнага аддзялення па сваёй alma mater.

Да універсітэта Аляксандра прывезла маці. У яго ёсць сучасны электрычны вазок,  але тут ён ім не карыстаецца: на шматлікіх бардзюрах і прыступках можна пашкодзіць акумулятар.



З багажніка Наталля Жук дастала звычайны вазок і перасадзіла ў яго Сашу. Цяпер пачынаецца найбольш складанае: пераадолець шэсць прыступак на ўваходзе ў будынак і падняць Сашу на трэці паверх — менавіта там знаходзіцца патрэбная аўдыторыя. Адзін чалавек цягне вазок спераду, яшчэ два — страхуюць па баках. Аляксандр моцна ўчапіўся ў падлакотнікі, каб, не дай Божа, не выпасці з сядзення.



"Звычайна гэтую працу робяць аднакурснікі Сашы, — расказвае спн. Наталля. — Ніколі не адмаўляць нам. Яны малайцы".

Праз хвілін 20 Аляксандр ужо на месцы. Дзверы аўдыторыі зачыніліся.



"Прапановаў з боку адміністрацыі універсітэта з тым, каб усталяваць неабходныя прыстасаванні (хаця б электрапад’ёмнік!) да нас не паступала", — сказала спн. Наталля.