Aerosmith збіраецца ў турнэ з Тайлэрам

Амерыканскі рок-гурт Aerosmith плануе летам гэтага года выправіцца ў гастрольнае турнэ па Еўропе разам са сваім вакалістам Стывенам Тайлэрам.  Як паведамляе Billboard, ужо пацверджаныя шоў калектыва 10 чэрвеня на рок-фэсце ў швецкім Солвесборзе і 13 чэрвеня на фэсце Download у брытанскім графстве Лестэршыр. У хуткім часе будуць абвешчаны і іншыя даты ў графіку еўрапейскіх гастроляў Aerosmith. Гурту таксама паступілі прапановы на выступы ў Паўднёвай Амерыцы.

Падрыхтоўка Aerosmith да канцэртаў паказвае, што канфлікт паміж музыкамі гурта вычарпаны.

Нагадаю, што летась гастролі калектыва былі сарваныя пасля таго, як Стывен Тайлэр атрымаў траўму, зваліўшыся са сцэны на канцэрце ў Паўднёвай Дакоце. Пасля чаго фронтмэн, вырашыў на два гады пакінуць гурт, каб пазаймацца сольнай творчасцю і паправіць здароўе. Астатнія ўдзельнікі Aerosmith, якіх Тайлэр не папярэдзіў, заявілі, што знойдуць яму замену. Але Тайлэр прыстрашыў калег судом.

Адзначым, што зараз удзельнікі Aerosmith займаюцца ўласнымі праектамі. Сола-гітарыст Джо Пэры гастралюе са сваім гуртом Joe Perry Project, бубнач Джой Крамер удзельнічае ў прома-акцыях па раскрутцы аўтабіяграфіі, а рытм-гітарыст Брэд Уітфорд рыхтуецца да ўдзелу ў канцэртах Experience Hendrix Tour 2010, прысвечаных творчасці Джымі Хендрыкса.

Фота: ientertainmentblogs.com