Агент Аляксандра Глеба чакае сігнал ад "Арсенала"

Агент найлепшага беларускага футбаліста Аляксандра Глеба Мікалай Шпілеўскі пракаментаваў Еўрарадыё шматлікія паведамленні пра зацікаўленне паўабаронцам "Арсенала" вядомых клубаў Італіі і Іспаніі.  Нагадаем, замежныя СМІ рэгулярна змяшчаюць інфармацыю пра тое, што "Мілан", "Барселона", "Рэал" і "Ювентус" хацелі б бачыць у сваіх шэрагах 26-гадовага беларуса. Нават называюцца магчымыя сумы кантракта (дзесяткі мільёнаў долараў).

Вось што кажа на гэты конт Шпілеўскі:

"Аляксандр ужо ў такім статусе, што на гэтыя паведамленні ён рэагуе даволі нармальна. Гулец такога ўзроўню заўсёды будзе пад абстрэлам не тое, што выдумак, а нейкай інфармацыі, што яго, нібыта, хацелі б некаторыя клубы набыць".

Мікалай Шпілеўскі сцвярджае, што Глеб хацеў бы застацца ў "Арсенале", але ўсё залежыць ад кіраўніцтва клуба. Сігнал можа прагучаць у любы момант.

Мікалай Шпілеўскі:
"Інтарэсы з боку гэтых клубаў ёсць, але нейкай афіцыйнай глебы пад гэтым няма. Гэта было і год назад, і два, і тры... Я чакаю інфармацыю ад лонданскага "Арсенала", мне дадуць сігнал, але ні ў якім выпадку не ад гэтых клубаў".