Аграгарадкі ў Венесуэле паедуць будаваць інжынеры з Баранавічаў
Спецыялістам абяцаюць заробак больш за 1500 долараў і бясплатнае жыллё.
У Баранавічах будуць набіраць спецыялістаў для працы на будоўлі ў Венесуэле. У раённай газеце будтрэст нумар 25 надрукаваў аб'яву, што патрабуецца каля 15 спецыялістаў.
Ажыятаж на працу ёсць, пры тым, што заробак абяцаюць не благі. Толькі за адзін дзень у аддзел кадраў ужо звярнулася больш 10 чалавек. Карэспандэнт Еўрарадыё паспяшаўся таксама ўладкавацца гастарбайтарам у Венесуэлу.
"500 долараў будуць плаціць там. Кажуць, што іх хапае. Гэта камандзіровачныя. 1000 долараў будзе дэпаніравацца тут. Плюс аклад у залежнасці ад пасады", – распавялі Еўрарадыё ў аддзеле кадраў.
У суме маем 500 долараў штомесяц камандзіровачных, 1000 заробку па кантракце. Праўда, не вядома, ці будзе ён выдавацца на месцы, плюс аклад. Да гэтай сумы таксама могуць дадаваць прэмію, а пражыванне там бясплатнае.
Умовы някепскія, але ж патрапіць змогуць не ўсе жадаючыя. У Брэсце праз падобны адбор на працу ўладкаваліся толькі 5 чалавек з 40. Патрэбныя менавіта спецыялісты з адукацыяй.
"Патрэбныя інжынерна-тэхнічныя супрацоўнікі, да іх патрабаванні вышэйшая ці сярэдне-спецыяльная адукацыя".
Адборам будзе займацца кампанія "Белзамежбуд", таму пакуль канчатковых умоваў працы ў Баранавічах не ведаюць.
"Ёсць "Белзамежбуд", які займаецца гэтым. Мы яшчэ канчатковых умоваў не ведаем. Мы далі абвестку, гэта і міністэрства ініцыятыва. Зараз удакладняецца, што будзе і як. Гэта яшчэ на ўзроўні прэзідэнта было заяўлена, што мы будзем дапамагаць".
Нагадаем, згодна з дамовамі нашы інжынеры ўзвядуць у Венесуэле больш за 10 тысяч кватэр, фабрыку і завод, рэканструююць мікрараён і пабудуюць некалькі аграгарадкоў.
Фота: nmn.by