Ахвяраў выбуху ў Пінску ўжо пяцёра

Увечары 28 кастрычніка ў Рэспубліканскім апёкавым цэнтры ў Мінску памерла 24-гадовая жанчына. У яе было абпалена 80% плошчы цела.
Як нагадвае БелаПАН, целы дваіх работнікаў "Пінскдрэва" выратавальнікі знайшлі пад заваламі ў дзень пажару. Трэці чалавек памёр у лякарні Пінску ў ноч на 26 кастрычніка, чацвёрты — увечары 28 кастрычніка ў рэанімацыйным аддзяленні Пінскай цэнтральнай лякарні.

Цяпер у рэанімацыі Пінскай лякарні застаецца 25-гадовы мужчына. Яго стан медыкі ацэньваюць як вельмі цяжкі. У гэтай жа лякарні ў нейрахірургічным аддзяленні ляжыць 55-гадовая работніца прадпрыемства. Сёння яе могуць выпісаць дадому.

Пяцёра пацярпелых мужчын знаходзяцца ў рэанімацыі Брэсцкай абласной лякарні. Іх стан застаецца цяжкім.

Дзевяць пацярпелых ад выбуху знаходзяцца ў Рэспубліканскім апёкавым цэнтры ў Мінску. Іх стан ацэньваецца як вельмі цяжкі.