Акцыі салідарнасці адбыліся ў васьмі гарадах Літвы

Каля 20 маладых літоўскіх лібералаў прыйшлі сёння да прэзідэнцкага палаца ў Вільні на акцыю салідарнасці з беларусамі, якія зазнаюць палітычныя пераследаванні. "Blood-ushenko", "За дэмакратыю", "За свабодную Беларусь" — было напісана на плакатах удзельнікаў акцыі, якая доўжылася трошкі больш за 40 хвілін.

Падобныя ж акцыі адбыліся сёння і ў Шаўляй, Каўнасе, Марыямполі, Цяльшай, Радвілішкісе, Алітусе і Лаздзіяй.

"Мы хочам выказаць салідарнасць і падтрымаць грамадзянаў Беларусі, якія зазнаюць пераследы", — сказала DELFI адна з арганізатараў акцыі Аўшрынэ Арманайтэ.

На пачатку гэтага тыдню арганізацыя  Lietuvos liberalus jaunimas распаўсюдзіла рэзалюцыю, у якой заклікала Сойм, прэзідэнта і МЗС асудзіць вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

Арманайтэ перакананая, што пазіцыя Літвы мусіць быць больш жорсткай. "Швецыя і Нямеччына жорстка выказаліся, асудзілі і нават маюць намер увесці санкцыі ў адносінах да Беларусі, у той час як пазіцыя Літвы застаецца досыць умеранай. Яна мусіць быць больш жорсткай, тым больш што гэта наш сусед".