Акцыя салідарнасці з беларусамі пройдзе ў Гаазе
У cераду, 16 лютага, і ў суботу, 19 лютага, у Гаазе адбудуцца акцыі салідарнасці з ахвярамі дыктатарскага рэжыму ў Беларусі.
16 лютага мірная дэманстрацыя салідарнасці з роднымі і блізкімі зніклых Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Зміцера Завадскага, са шматлікімі беларускімі палітвязнямі, з усімі ахвярамі "апошняй дыктатуры Еўропы", традыцыйна пройдзе каля беларускай амбасады з 13:00 да 14:00 па мясцовым часе. Акцыя арганізаваная грамадзянскай ініцыятывай "Мы памятаем", паведамляе "Хартыя-97".
19 лютага, роўна праз 2 месяцы пасля прэзідэнцкіх "выбараў" у Беларусі, беларусы Нідэрландаў арганізоўваюць акцыю салідарнасці з беларускімі палітвязнямі, колькасць якіх працягвае расці. Акцыя пройдзе з 13:00 да 14:00 па мясцовым часе ля будынка Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе.