Актывіста "Маладой Беларусі" вінавацяць у псаванні дзяржаўнай маёмасці

У псаванні дзяржаўнай маёмасці вінавацяць актывіста "Маладой Беларусі" з Віцебску Рамана Баброва. Учора да яго прыйшоў інспектар па справах непаўналетніх, які паказаў яму складзены пратакол. Інспектар правёў з 17-гадовым хлопцам гутарку і паведаміў, што ён будзе з гэтага моманту на ўліку міліцыі. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў лідэр "Маладой Беларусі", якая знаходзіцца ў стадыі рэгістрацыі, Артур Фінькевіч.

Нагадаем, Раман Баброў быў затрыманы 27 верасня супрацоўнікамі "Віцебскэнэрга" каля трансфарматарнай будкі, на якой ён маляваў графіці. Энэргетыкі выклікалі міліцыю, Рамана даставілі ў міліцыю, дзе следчы правёў з ім гутарку "аб небяспецы ўдзелу ў апазіцыйных рухах". Хлопец адмаўляў, што надпіс меў несці палітычны змест. Праз тры гадзіны хлопца адпусцілі.