Актывістам Greenpeace прад'явілі абвінавачванне ў пірацтве
Ім пагражае да 15 гадоў турмы і штраф у 17 тысяч долараў.
Першым двум актывістам Greenpeace — грамадзянам Бразіліі і Вялікабрытаніі — прад'яўленыя абвінавачванні ў пірацтве ў складзе арганізаванай групы, паведамляе "Інтэрфакс" са спасылкай на юрыста экалагічнай арганізацыі Міхаіла Крэйндліна.
Гаворка ідзе пра Ані Паўлу Маціель і пра відэааператара Джона Брайна Кірона. 2 кастрычніка следства павінна прад'явіць абвінавачванні ўсім 30 членам экіпажа "Арктыка Санрайз". Чакаецца, што ўсіх іх абвінавацяць па тым жа артыкуле. Актывістам пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад дзесяці да пятнаццаці гадоў са штрафам амаль у 17 тысяч долараў.
Члены экіпажа "Арктык Санрайз" былі затрыманыя пасля акцыі на расійскай нафтаплатформе "Прыразломная" у Пячорскім моры. Эколагі, спусціўшы з ледакола гумовыя лодкі, спрабавалі высадзіцца на платформе, каб вывесіць там банеры супраць працягу нафтаздабычы ў Арктыцы. Акцыя была спынена расійскімі памежнікамі і аховай нафтаплатформы. На наступны дзень спецназ памежнай службы ФСБ узяў штурмам ледакол Greenpeace і адбуксіраваў яго ў Мурманск. Усе, хто знаходзіўся на борце былі ўзятыя пад варту.
У лік затрыманых акрамя актывістаў, якія непасрэдна прымалі ўдзел у акцыях Greenpeace патрапілі карабельны доктар, кокі, а таксама фатограф Дзяніс Сінякоў, які супрацоўнічаў з Greenpeace і выконваў на борце "Арктык Санрайз" рэдакцыйнае заданне партала "Лента.ру". 27 верасні расійскія СМІ правялі акцыю салідарнасці з Сіняковым, адключыўшы фатаграфіі ў навінавых паведамленнях.