Актывісту "Маладой Беларусі" падкінулі наркотыкі?

На днях дадому да актывіста "Маладой Беларусі" Андрэя Кузьмінскага прыйшлі прадстаўнікі польскай паліцыі і двое следчых з Мінску. Яны паведамілі, што супраць Андрэя ўзбуджана крымінальная справа па абвінавачванні ў гандлі наркотыкамі. Зараз беларускі бок дамагаецца экстрадыцыі Андрэя Кузьмінскага, які ў гэты час пражывае ў Польшчы, дзе папрасіў палітычнага прытулку. Кузьмінскі заяўляе, што супрацоўнікі міліцыі падкінулі ў яго дом больш за 200 грамаў гераіну. Наркотыкі былі "знойдзеныя" прадстаўнікамі праваахоўных органаў падчас ператрусу ў кватэры бацькоў Кузьмінскага. Адбылося гэта 24 кастрычніка. Пры гэтым сам актывіст вось ужо больш за 5 месяцаў знаходзіцца за межамі Беларусі.

Нагадаем, што яшчэ ў чэрвені гэтага году Кузьмінскі з'ехаў ва Ўкраіну і адтуль зрабіў заяву аб тым, што быў завербаваны КДБ. Актывіст назваў прозвішчы супрацоўнікаў КДБ, якія займаліся яго вярбоўкай, а таксама прозвішчы актывістаў "Маладой Беларусі", якія маглі працаваць на беларускія спецслужбы. У канцы жніўня Кузьмінскі прыехаў у Польшчу.