Аквапарк “Лябяжы” адкрыўся для наведвальнікаў

На тэрыторыі 38 гектараў знаходзяцца летні адкрыты дзіцячы водны гарадок з басейнам і атракцыёнамі, разбіты ландшафтны парк з роварнымі дарожкамі і спортпляцоўкамі, створаная добраўпарадкаваная набярэжная з пірсам. Тут пабудаваны пяціўзроўневы комплекс шырокага профілю з цэнтрамі адпачынку, гатэлем, барамі і трэнажорным залам.



У аквапарку 13 водных атракцыёнаў. Адметнай з’яўляецца горка “Вайпер” — гэта атракцыён для адзіночнага або парнага спуску на надзмуваных кругах.



Кошт квіткоў залежыць ад дня тыдня і ўзросту наведвальнікаў. У панядзелак-чацвер дзве гадзіны ў аквазоне для дзяцей ад 4 да 13 гадоў будуць каштаваць 80 тысяч рублёў, для падлеткаў ад 14 да 17 год — 100 тысяч, для дарослых — 120 тысяч рублёў. Пенсіянерам і інвалідам робяць зніжку — для іх квіток каштуе 90 тысяч. У выходныя і святочныя дні кошт кожнага квітка ўзрастае на 20 тысяч рублёў, інфармуе БЕЛТА.