Аланіс Марысэт выдае новы альбом

Канадская альтэрнатыўшчыца Аланіс Марысэт амаль скончыла працу над сваім новым поўнафарматным альбомам.
Сёмая па ліку кружэлка ў студыйнай дыскаграфіі спявачкі атрымала назву "Flavors of Entanglement". Выдаць яе Аланіс плануе ў студзені-лютым наступнага года, перад пачаткам свайго турнэ па Амерыцы разам з калегамі з Matchbox Twenty.

Паведамляецца, што ў працэсе студыйных сесій было запісана 25 кампазіцый, з якіх на дыск трапілі 13. Астатнія спявачка і прадзюсар захаваюць для бі-сайдаў.

Дадам, што "Flavors of Entanglement" стане наступнікам выдадзенага ў 2004-м годзе альбома "So Called Chaos" - першай камерцыйнай няўдачы Аланіс (амерыканскі наклад альбома ледзь дацягнуў да паўмільёна асобнікаў).

Нагадаю, што разам з падрыхтоўкай да выхаду "Flavors of Entanglement" выканаўца таксама ўдзельнічае ў здымках новага фільма "Сільвія" па матывах навэлы пісьменніка-фантаста Філіпа Дыка "Вольнае радыё Албемута". Стужка выйдзе на экраны ў другой палове 2008-га года.

Фота: baranika.blog.cz