Албанію і Харватыю сёння прынялі ў НАТА

У Брусэлі ў сераду, 9 ліпеня, амбасадары 26 краін-чальцоў НАТА падпісалі пратаколы аб далучэнні Албаніі і Харватыі да Паўночнаатлантычнага альянсу. Паводле агенцыі DPA, цяпер падпісаныя дакументы павінны быць ратыфікаваныя парламентамі ўсіх краін НАТА, а потым перададзеныя на захаванне ў Вашынгтон. Пасля гэтага працэдура ўступлення Албаніі і Харватыі ў альянс будзе лічыцца завершанай.

Як паведамляецца, працэс ратыфікацыі звычайна доўжыцца каля года. Чакаецца, што ў юбілейным саміце НАТА у 2009 г., які пройдзе на 60-годдзе з дня стварэння гэтай ваенна-палітычнай арганізацыі, краіны прымуць удзел у якасці раўнапраўных чальцоў.

korrespondent.net

Даведка Еўрарадыё:
3 красавіка 2008 года кіраўніцтва НАТА на саміце ў Бухарэсце вырашыла прыняць у Альянс Харватыю і Албанію. Заяўкі на ўступленне падалі Украіна і Грузія. Аднак, на саміце ў Бухарэсце было прынята рашэнне перанесці на снежань разгляд заявак Кіева і Тбілісі на далучэнне да Плана дзеянняў па сяброўстве ў НАТО. Украіне прапанавалі дабіцца падтрымкі ўступлення ў НАТА большасцю насельніцтва, Грузіі - вырашыць тэрытарыяльныя спрэчкі з Абхазіяй і Паўднёвай Асетыяй, а Македоніі - урэгуляваць спрэчку аб назве краіны з Грэцыяй.