Альбом Макартні стане дадаткам да газеты

Альбом Пола Макартні “Memory Almost Full” будзе выпушчаны масавым тыражом у якасці бясплатнага дадатку да брытанскай газеты «Mail on Sunday». Дыск, які быў выдадзены ў мінулым годзе і распаўсюджваўся выключна ў сетцы кавярняў Starbucks, можна будзе атрымаць разам з выпускам газеты за 18 траўня.

Макартні не стане першым сусветна вядомым артыстам, чые запісы будуць распаўсюджвацца разам з «Mail on Sunday». Летась падобным чынам быў выдадзены новы альбом Прынса «Planet Earth». Нядаўна па яго слядах пайшлі і UB40, якія выдалі 10-трэкавы зборнік песень свайго новага рэлізу «Twentyfourseven» у якасці дадатку да газеты.

Дыск «Memory Almost Full» дасягнуў пятага радку брытанскага хіт-параду, і на сённяшні дзень яго тыраж складае больш за 100 000 копій. У пачатку гэтага года Пол Макартні распачаў працу над новым альбомам.


Фота: www.tikonline.de