Алег Гулак: На Плошчы я бачыў дзесяткі збітых людзей

Старшыня Беларускага Хельсінкскага Камітэта пракаментаваў выказванне ў эфіры тэлеканала АНТ першага намесніка начальніка ўпраўлення аховы правапарадку МУС Аляксандра Барсукова, паводле якога падчас падзеяў на плошчы Незалежнасці 19 снежня пацярпела каля 100 праваахоўнікаў і толькі каля дзесятка грамадзян. Еўрарадыё: Ці праўда, што 19 снежня пацярпелі толькі 10 чалавек з ліку дэманстрантаў?

Гулак: "Тое, што я сам бачыў на Плошчы, тых людзей, якія цярпелі непасрэдна, то іх былі дзесяткі. Гэта тое, што я сам бачыў. Гэта ніяк не дзесяць чалавек. Мы ведаем, што па выніках апытанняў анкетаваных людзей, якія адбылі адміністрацыйны арышт, там таксама дзесяткі людзей скардзіліся на тое, што яны былі пабітыя і ім не аказвалася медычная дапамога на Акрэсціна і ў іншых месцах, дзе яны знаходзіліся. Таму, вядома, вельмі дзіўнымі выглядаюць словы Барсукова".

Еўрарадыё: Як на вашую думку можна класіфікаваць заяву Барсукова?

Гулак:
"На жаль, службоўцы ў нашай краіне не першы дзень так сябе паводзяць. І менавіта таму, што гэтыя паводзіны мы бачым ужо некалькі гадоў, можна гаварыць, што склалася сістэма, калі людзі нават не бачаць неабходнасці, не бачаць сэнсу скардзіцца на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі. Таму што і пракуратура, а зараз і медыцынскія ўстановы, робяць усё, каб не даць магчымасці людзям атрымаць доказы супраць тых міліцыянтаў, якія такім чынам дзейнічалі. І іх непасрэднае кіраўніцтва, на жаль, гэта ўсё пакрывае, а гэта азначае, што сістэма не плануе ніякім чынам паляпшацца".

Еўрарадыё:
Якім чынам можна нагадаць людзям пра закон і іх правы?

Гулак: "Праваабаронцы нават у гэтых умовах спрабуюць нешта рабіць, дапамагаць людзям. І мы заўсёды гаворым, што трэба скардзіцца, нават калі ты не атрымаеш таго выніку, на які разлічваў, нават калі твае правы не будуць абаронены, але дзеля таго, каб уплываць на сістэму, такія скаргі падаваць трэба. І праваабаронцы гатовыя дапамагаць людзям, калі ласка, прыходзьце ў Хельсінскі камітэт, у іншыя арганізацыі. Мы заўсёды будзем радыя вам дапамагчы тым, чым зможам. Вядома, мы, на жаль, не можам гарантаваць хуткай перамогі, хуткай абароны, але гэта трэба рабіць, я ў гэтым упэўнены".

Еўрарадыё: Ці БХК кансультаваў ужо кагосьці па "справе 19 снежня"?

Гулак: "Некалькіх людзей кансультавалі мы на гэты конт. Зараз вельмі шмат людзей тэлефануюць, звяртаюцца па дапамогу з гэтымі выклікамі па тэлефонах (у сувязі з тым, што тэлефон недзе быў на гэтай тэрыторыі зафіксаваны). Таксама шмат звяртаюцца па розных пытаннях, якія ўзніклі пасля Плошчы, у тым ліку скаргі на тое, што іх збілі. Але ўжо зараз гэта зразумела, што позна гэта ўсё фіксаваць, бо прайшоў час і вельмі складана будзе даказваць нейкія пашкоджанні, што яны ўзніклі ў сувязі з тымі падзеямі і дзеяннямі міліцыі. Але калі нехта звяртаўся ў медыцынскія ўстановы раней, калі гэта зафіксавана, то можна спрабаваць рабіць гэта і зараз".


Фота — svaboda.org