Алег Волчак просіць прызнаць незаконнай рэгістрацыю групы Лукашэнкі

Алег Волчак, кіраўнік праваабарончага цэнтра "Прававая дапамога насельніцтву", зарэгістраванага ва Украіне, просіць Генеральную пракуратуру прызнаць незаконнай рэгістрацыю ініцыятыўнай групы прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Адпаведны зварот ён адправіў 1 кастрычніка Генпракурору Рыгору Васілевічу, а копію — у Офіс АБСЕ ў Мінску. Волчак зазначае, што дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па вылучэнні Лукашэнкі кандыдатам у прэзідэнты падаў у ЦВК кіраўнік яго групы Аляксандр Радзькоў, а не сам прэтэндэнт. Нягледзячы на гэта, кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына зарэгістравала ініцыятыўную групу Лукашэнкі. Паводле правабаронцы, гэта з'яўляецца парушэннем закону.

Акрамя таго, Алег Волчак звяртае ўвагу на блытаніну з датамі нараджэння кіраўніка дзяржавы, бо на сайце ЦВК пазначана 30 жніўня, а Лукашэнка сёлета святкаваў дзень народзінаў 31 жніўня.

БелаПАН нагадвае, што падобную заяву раней накіраваў у ЦВК прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта, індывідуальны прадпрымальнік з Віцебска Уладзімір Правальскі.