Алесь Пушкін выставіў у Варшаве прывід Жоўтай Дамы

У варшаўскай бібліятэцы Мазавецкага ваяводства ў аўторак а 17-й адкрываецца выстава, у якой бяруць удзел беларускія мастакі Алесь Пушкін і Эдуард Галустаў. Карціны — плён пленэра "Легенда даліны Ліўца".  Гэты міжнародны пленэр адбыўся трэці раз у Музеі зброі ў замку мазавецкіх князёў ў Ліве. Замак 1429 года пабудовы славіцца добрым станам, багатай збройняй і прывідам Жоўтай Дамы, якую бачыў шмат хто з наведнікаў.

Алесь Пушкін: "Я намаляваў цэлы трыптых пра Жоўтую Даму. Яе муж, князь, дарыў ёй пярсцёнкі, якія ўвесь час зьнікалі. І вось калі зьнік трэці пярсцёнак, князь западозрыў жонку ў нявернасці і загадаў пакараць смерцю. Ноччу пасля пакарання ўсчалася бура, зваліла таполю, і ў дупле таполі адкрылася сарочае гняздо, дзе знайшлі ўсе тры пярсьцёнкі. Князь не вытрымаў і кінуўся са сцяны. З тых часоў прывід Жоўтай Дамы і гуляе па замку".

Адзначым, што ў пленэры бралі ўдзел мастакі з Польшчы, Беларусі, Літвы, Украіны і Расіі.