Алейнік: 19 снежня гэта ўсё не скончылася

Сёння ў Вільні адбылася прэс-канферэнцыя прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сіл. Журналістам і ўдзельнікам канферэнцыі быў паказаны фільм пра жорсткі разгон 19 снежня дэманстрацыі ў Мінску на плошчы Незалежнасці. Пасля яго прагляду кіраўнік парламенцкага камітэта па замежных справах Эмануэліс Зінгерыс правёў паралель паміж падзеямі ў Мінску мінулага года і падзеяй 13 студзеня 1991 года.

Па словах Юрыя Алейніка, даверанай асобы экс-кандыдата ў прэзідэнты Ўладзіміра Някляева, час для беларусаў цяпер падзяліўся на два этапы — да і пасля 19 снежня. У гэты дзень дзясяткі тысяч беларусаў выйшлі на вуліцы Мінска пратэставаць супраць вынікаў выбараў, сотні людзей неўзабаве былі кінутыя ў турэмныя камеры, збітыя.

"19 снежня гэта ўсё не скончылася, а працягваецца па гэты дзень. Ператрусы, арышты, змяшчэнне пад варту — гэта тое, што мы на сёння маем", — перадае яго словы DELFI.