Алімпійскім аташэ Беларусі ў Ванкуверы стаў канадзец Шыяз Віржы

Канадзец Шыяз Віржы стаў алімпійскім аташэ Беларусі на ХХI зімовай Алімпіядзе-2010 у Ванкуверы. Сёння яго прадставіў журналістам першы віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі Генадзь Аляксеенка. Як адзначае БЕЛТА, 57-гадовы канадскі спецыяліст пражывае ў Ванкуверы. Ён мае вялікі досвед у арганізацыі спартовых спаборніцтваў самога высокага ўзроўню.

Віржы заявіў, што даўно ведае нашу краіну і паспрабуе зрабіць усё магчымае, каб беларускія алімпійцы ў Ванкуверы пачуваліся як дома. Таксама ён паведаміў, што алімпійская вёска будучай Алімпіяды размешчаная практычна ў самім цэнтры Ванкувера і спартоўцам будзе вельмі лёгка дабірацца да ўсіх алімпійскіх арэн. Па ягоных словах, нашы алімпійцы змогуць лёгка адаптавацца да канадскіх прыродных умоваў, бо ў Канадзе яны вельмі падобныя да беларускіх.

Дарэчы, Шыяз Віржы таксама з'яўляецца кансультантам жаночай зборнай Беларусі па хакеі на траве. Ён будзе кіраваць гульнёй нашай каманды, якая сёння адпраўляецца на чэмпіянат свету ў Казань.