Алкаеў: Казуліну рыхтуюць новае абвінавачанне

Былы начальнік мінскага следчага ізалятара Алег Алкаеў, які атрымаў прытулак у Нямеччыне, не выключае завядзення новай крымінальнай справы супраць экс-кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна.  Пра гэта ён заявіў у размове з карэспандэнтам “Радыё Свабода”. Нагадаем, днямі Алкаеў змясціў у інтэрнэце тэкст запісу размовы міністра унутраных спраў Уладзіміра Навумава з былым ахоўнікам Казуліна і былым “алмазаўцам” Ігарам Макарам.

Паводле Алкаева, на пачатку чэрвеня арыштавалі былога супрацоўніка КДБ Міхалапа. Яго абвінавачваюць нібыта ў тым, што яны разам з Казуліным махлявалі з кватэрамі БДУ.

У сувязі з гэтым Алкаеў лічыць, што “можа атрымацца, што яны здымуць з Казуліна абвінавачанні з палітычнай афарбоўкай, пра арганізацыю вулічных беспарадкаў, і абвінавацяць яго ў махінацыях кватэрамі з дапамогай справы Міхалапа”.

Нагадаем, на пачатку чэрвеня міліцыянты сапраўды арыштавалі трох палкоўнікаў, у тым ліку былога палкоўніка КДБ Міхалапа. Гэтую справу цяпер вядзе Генеральная пракуратура.

svaboda.org