Аляксандр Глеб, Жаўноў і Карыцька — самыя дарагія беларускія футбалісты

У тройку самых дарагіх беларускіх футбалістаў увайшлі Аляксандр Глеб з "Барселоны", Юры Жаўноў з "Масквы" і Ўладзімір Карыцька з данецкага "Металурга". Першы ацэньваецца ў 15 мільёнаў еўра, другі — у 3,5 млн, трэці — у 1,9 млн. Прычым Жаўноў у гэтым сезоне стаў не толькі капітанам, але і самым дарагім гульцом свайго клуба. Чацвёртым ідзе Максім Рамашчанка з турэцкага "Бурсаспора" — 1,3 мільёна еўра, пятым, шостым, сёмым і восьмым — Віталь Кутузаў з "Бары", Дзяніс Коўба з самарскіх "Крылаў Саветаў", Ягор Філіпенка з "Томі" і Антон Амельчанка з "Масквы" — па 1,2 млн.

А самы дарагі гулец беларускага чэмпіянату — Ігар Стасевіч з БАТЭ. Яго кошт — 1 мільён еўра.

Па 800 тысяч каштуюць у лепшым клубе краіны Віталь Булыга і Дзмітры Ліхтаровіч, 700 тыс. — Сяргей Крывец, 450 тыс. — Аляксандр Валадзько, па 400 тыс. — Сяргей Вярэмка і Ўладзімір Ржэўскі.

Былы нападнік БАТЭ, а цяпер "Фрайбурга" Віталь Радзівонаў ацэнены ў 600 тысяч еўра, а Генадзь Блізнюк, Які цяпер выступае за "Франкфурт", — у 500 тыс. Міхаіл Сівакоў, які перайшоў з барысаўскага БАТЭ у "Кальяры", ацэнены ў 125 тысяч еўра.

"Мы"